“Культурны код” вяртаецца! На гэты раз як Тelegram-кам’юніці, што аб’ядноўвае дзеячаў культуры і ІТ
Увосень 2022 года Рэсурсны цэнтр Беларускай Рады культуры і Imaguru Startup HUB Vilnius ініцыявалі “Культурны код” — хакатон digital-праектаў для беларускай культуры. Сам хакатон адбыўся 9-11 верасня ў гібрыдным фармаце: афлайн у Вільні і анлайн з любой кропкі свету.

Фіналістамі хакатону сталі 9 камандаў, якім быў прапанаваны адукацыйны трэк з лекцыямі і ментарскімі сесіямі ад Imaguru Startup HUB Vilnius. Зараз актыўна развіваюцца некалькі праектаў, чый старт быў закладзены менавіта на хакатоне. Так, мабільны дадатак для вывучэння беларускай мовы “Зубрык” ужо ёсць на Google Play і запрашае зацікаўленых бацькоў з дзецьмі-школьнікамі да тэставання. Рыхтуецца да рэлізу VARTA — агрэгатар VR-выставаў з phygital-інструментаром для рэпрэзентацыі культуры, мастацтва, гісторыі. (Дарэчы, зараз каманда збірае данаты на першую 3D-камеру). Платформа для буккросінгу сярод беларусаў трансфармавалася ў праект “Старонкі” і рыхтуецца да інтэграцыі з платформай “Новая Беларусь”.
Да ўдзелу ў хакатоне “Культурны код” мы зарэгістравалі дзясяткі ідэй, пабачылі таксама, наколькі вялікі запыт на прастору для распрацоўкі лічбавых праектаў, звязаных з беларускай культурай. Зразумелі, што для паўнавартаснай працы па прадстаўленні і распрацоўцы праекта толькі хакатону мала, — кажа Кацярына Раманчык, менеджар праектаў Беларускай Рады культуры і сумадэратарка чата “Культурны Код”. — Таму мы і вырашылі прапанаваць сталую нэтворкінг-пляцоўку для культурніцкіх і ІТ-спецыялістаў — Telegram-чат “Культурны код”. Ён будзе працаваць і як база для арганізацыі пітчынгаў, куды, апроч каманд, будзем запрашаць таксама ментараў, кансультантаў, а па магчымасці, і інвестараў.
ДАЛУЧЫЦЦА ДА НЭТВОРКІНГ-ЧАТА ЗАПРАШАЮЦЦА
Спецыялісты(-кі) у ІТ і/альбо бізнесе: праграмісты, бізнес-аналітыкі
Маркетолагі і PR-менеджары, дызайнеры і інш.
Культурніцкія/творчыя дзеячы самых розных сфер дзейнасці
У ЧАЦЕ МОЖНА
Пашукаць для яе калегаў у каманду, спецыялістаў, ментараў, адзінадумцаў і іншых партнёраў
Дзяліцца парадамі і кантактамі
Расказаць пра сваю ідэю культурніцкага digital-праекта на любой стадыі рэалізацыі
Раз на месяц праекты можна будзе прадставіць на анлайн-пітчынгу.

У чаце таксама публікуюцца ўнікальныя пасты з карыснымі парадамі, падборкі адукацыйных матэрыялаў, расповеды пра беларусаў, якія заснавалі стартапы і дасягнулі поспеху.

Важна! Гэта публічны чат, таму ўдзельнікам з Беларусі неабходна паклапаціцца пра ўласную бяспеку. Карыстайцеся псеўданімамі і схавайце з агульнага доступу нумар тэлефона, на які зарэгістраваны акаўнт.