VARTA - агрэгатар віртуальных выстаў з phygital інструментаром для рэпрэзентацыі культуры, мастацтва гісторыі: metaverse, 3D-выставы і панарамы 360. Таксама карыстальнікі платформы змогуць сачыць за культурніцкімі падзеямі беларускіх творцаў у розных краінах.
Belarusian Bookcrossing, размеркаваная бібліятэка — сайт для абмену беларускімі кнігамі ва ўмовах эміграцыі і закрыцця выдавецтваў. Рэсурс будзе змяшчаць мапу, дзе пазначана, якія кнігі ёсць у розных гарадах і краінах, як іх можна бяспечна перадаць ці прадаць.
PAPARAC — VR-прастора, дзе можна літаральна пераўвасобіцца ў героя беларускіх рытуалаў і пазнаёміцца з міфалагічнымі істотамі. Мэта праекта — з дапамогай сучасных імерсіўных тэхналогій паказаць глыбіню і багацце аўтэнтычнай беларускай гісторыі.
«Зубрык» — дадатак-гульня, што дапамагае школьнікам вывучаць беларускую мову і… з карысцю бавіць час за планшэтам. Забаўляючыся разам з героем гульні Зубрыкам, дзеці змогуць напрацаваць базавы слоўнік для паўсядзённага жыцця.
«Музычны Бро» — Тэлеграм-бот, які, дзякуючы інтэграцыі з папулярнымі стрымінг-сервісамі і ўласнай базе, зможа падбіраць беларускую музыку пад густ і настрой карыстальніка. Такія бро-падказкі — добры спосаб папулярызаваць творчасць айчынных выканаўцаў.
Legend Map — мабільны дадатак-гід для ўдумлівых аўдыёэкскурсій і квэстаў па горадзе. Раскажа больш пра гісторыю, міфалогію і літаратуру, дазволіць атрымаць новы досвед пешаходных вандровак па горадзе.
BYroad — аплікацыя-навігатар па гісторыка-культурніцкай спадчыне Беларусі, якая зможа прапанаваць шэраг падкаст-маршрутаў, расказаць цікавосткі пра помнікі, побач з якімі вы вандруеце. Дапаможа зэканоміць час пры падрыхтоўцы ўласных падарожжаў па Беларусі.
«Культурны слой» — AR-сусвет, які дазволіць творчасці, свабодзе і плюралізму меркаванняў зноў выліцца на вуліцы Беларусі. Па адмысловых метках мастакі могуць дадаваць новыя арт-аб’екты, створаныя ў розных жанрах, тэхніках, творчых падыходах і мультымедыя-фарматах.
«НІШО - Жывая гаворка» — месца для адкрытай анлайн-публікацыі новых словаў/выразаў з сучаснай гутарковай мовы. Кожны носьбіт беларускай мовы зможа дадаць у тэзаўрус слова ці выраз, яго тлумачэнне, а іншыя ўдзельнікі — знайсці патрэбнае для сябе слова, ухваліць ці адхіліць прапанаваенае азначэнне або дадаць сваё.